web analytics
Каб сфамарваць “правільную” грамадзкую думку, Косінец заклікаў ідэолягаў Віцебшчыны “дайсьці да кожнага чалавека” » article » За правы чалавека

Каб сфамарваць “правільную” грамадзкую думку, Косінец заклікаў ідэолягаў Віцебшчыны “дайсьці да кожнага чалавека”

27 October 2011 | admin |

Photobucket“Ідэалягічная работа ў працоўных калектывах” - гэткай была галоўная тэма паседжаньня Віцебскага аблвыканкаму, паведамляе БелТА. Згодна з агучанымі старшынём аблвыканкаму Аляксандрам Косінцам лічбамі, у ідэалягічнай сфэры ў вобласьці працуюць 1100 чалавек, зь іх - 950 на прадпрыемствах, у арганізацыях і навучальных установах. Роля ідэолягаў надзвычай важная, - лічыць А. Косінец. - Бо менавіта ідэалягічная вэртыкаль фармуе імідж улады і грамадзкую думку.

Аляксандар Косінец заявіў, што задача ідэоляга - дайсьці да кожнага чалавека. Недапушчальнай назваў ён такую практыку, калі інфармацыйна-прапагандысцкія групы наведваюць працоўныя калектывы і абмяжоўваюцца чытаньнем там лекцыяў або газэтных артыкулаў пра стан эканомікі і сацыяльнай сфэры.

Апірышчам ідэалягічнай працы старшыня аблвыканкаму назваў праўладныя прафсаюзы, БРСМ, вэтэранскія і жаночыя грамадзкія арганізацыі. У сувязі з гэтым высокапастаўлены чыноўнік выказаў сваю незадаволенасьць тым, што моладзь ня вельмі актыўна ўцягваецца ў БРСМ: на “Віцязе” і “КІМе” з 2 тысяч маладых людзей толькі 2% ёсьць сябрамі гэтай арганізацыі.

Прамаўляючы на паседжаньні, Аляксандар Косінец згадаў таксама пра важнасьць мэдыяў у ідэалягічнай працы. Ён заявіў, што афіцыйныя сродкі масавай інфармацыі не павінны баяцца публікаваць крытычныя матэрыялы. “Замоўчваючы праблему, мы даем нагоду казаць іншым. Ідэалёгія - гэта тонкі інструмант кіраваньня, якім неабходна правільна карыстацца”, - цытуе абласнога кіраўніка БелТА.

“За правы чалавека”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.