Дырэктар Лукомальскай ДРЭС паабяцаў Свабоднаму прафсаюзу павялічыць заробкі
27 October 2011 | admin |Надоечы адбылася экстраная сустрэча Генэральнага дырэктара Лукомальскай ДРЭС Аляксандра Базыленкі са старшынём першаснай арганізацыі Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Аляксеем Габрыэлем. Гаворка ішла пра праблему ўцечкі з прадпрыемства кадраў і пра неабходнасьці падвышэння зарплаты.
Як распавёў Аляксей Габрыэль, сустрэча прайшла ў дзелавой і канструктыўнай абстаноўцы: «Мы абмеркавалі праблемы аплаты працы энэргетыкаў. Пасьля ўстанаўленьня адзінага курсу даляра і ў сувязі з дэвальвацыяй беларускага рубля распачаўся сыход энэргетыкаў з роднага прадпрыемства. Звальняюцца брыгадамі, кіроўцы і нават ахоўнікі, - растлумачыў прафсаюзны лідэр. - Калі пабягуць машыністы блёкаў і машыністы-абходчыкі, галоўныя спэцыялісты, якія падаюць напружаньне, дык наступствы могуць быць непрадказальнымі».
На думку Аляксея Габрыэля, генэральны дырэктар разумее існуючую праблему як ніхто іншы, бо сам прайшоў усе прыступкі працоўнай кар’еры - ад рабочага да генэральнага дырэктара. «З такім кіраўніком прафсаюзнаму лідэру дамаўляцца лёгка, - адзначыў Габрыэль. - Ён разумее, што надыходзіць момант ісьціны для прадпрыемства».
Дырэктар і прафсаюзны лідэр дамовіліся, што 27 кастрычніка на паседжаньні Рады дырэктараў РУП «Віцебскэнэрга» праблема будзе абмеркаваная з генэральным дырэктарам «Віцебскэнэрга» Паўлам Харытонавым. Паводле словаў Аляксея Габрыэля, пры наяўнасьці прыбытку кіраўніцтва ДРЭС можа павялічыць зарплату на 20-30%. Аднак, як лічаць у Свабодным прафсаюзе, гэтага недастаткова. СПБ настойвае на тым, што, не зважаючы на ??павелічэньне зь лістапада стаўкі першага разраду, заробкі неабходна падняць на 100%.
Аляксандар Базыленка запэўніў прафсаюзнага лідэра ў тым, што праблему ён ведае і будзе яе вырашаць. «Людзі цяпер турбуюцца, бо раней верылі, што ўлада можа вырашыць праблемы. Верылі ў нашумелы “беларускі цуд”. Людзі бралі крэдыты, ня толькі ў беларускіх рублёх, але і ў валюце. І ўсё гэта трэба аддаваць. А з чаго аддаваць? Вось мы і прапануем: дайце годную заработную плату», - падсумаваў Аляксей Габрыэль.
Крыніца: Прафсаюзны рух Беларусі
Прабачце, камэнтары не дазволеныя.