web analytics
На «Віцебскмясамалпраме» матэрыяльную адказнасьць нясуць толькі работнікі. Кіраўніцтва заводу пазбавіла сябе гэтага цяжару » article » За правы чалавека

На «Віцебскмясамалпраме» матэрыяльную адказнасьць нясуць толькі работнікі. Кіраўніцтва заводу пазбавіла сябе гэтага цяжару

26 October 2011 | admin |

PhotobucketЯк высьветлілася цягам судовага паседжаньня па пазове кіраўніцтва ААТ «Віцебскмясамалпрам» аб кампэнсацыі нястачы да сябры прафсаюзу РЭП, былой кладаўшчыцы заводу, матэрыяльна адказныя асобы на прадпрыемстве - толькі кладаўшчыкі, кіроўцы ды прадаўцы. З дырэктарам жа дамова аб матэрыяльнай адказнасьці заключаная не была.

Прававы інспэктар прафсаюзу РЭП Валер Місьнікаў ужо год займаецца справай кладаўшчыцаў «Віцебскмясамалпраму», на якіх наймальнік «павесіў» некалькі нястачаў, памер адной зь якіх склаў 90 мільёнаў рублёў. Па выніках апошняй інвэнтарызацыі была выяўлена нястача памерам амаль 4 мільёны рублёў. Наймальнік праз суд спрабуе сыскаць частку грошай, 410 тысяч рублёў, зь цяпер ужо былой кладаўшчыцы. Астатнія работніцы пагадзіліся пагасіць нястачу.

Валер Місьнікаў падрыхтаваў пярэчаньні супраць пазову і папрасіў пазоўніка пісьмова на іх адказаць. На думку прафсаюзнага юрыста, работнік абавязаны кампэнсаваць нястачу толькі ў тым выпадку, калі ёсьць доказы канкрэтных супрацьпраўных службовых дзеяньняў, што сталіся прычынай нястачы. Аднак кіраўніцтва заводу не падала пісьмовых адказаў на ніводзін з 12 пунктаў пярэчаньня.

Цягам паседжаньня суду прадстаўнік наймальніка паспрабаваў адказаць на гэтыя пытаньні вусна. Аднак, як сказаў Валер Місьнікаў, гэта была асабістая інтэрпрэтацыя, неабгрунтаваная ніякімі фактамі і нормамі права. Прафсаюзны юрыст лічыць, што, калі віна работніка не даказаная, дык у гэткім выпадку неабходна прымяняць закон аб бухуліку і справаздачнасьці, згодна зь якім нястача сьпісваецца за кошт прыбытку прадпрыемства.

«Тым больш што на заводзе былі лішкі, - дадаў Валер Місьнікаў, - хаця суму лішак яны назваць адмовіліся. ААТ “Віцебскмясамалпрам” апрыходавала лішкі на вынік гаспадарчай дзейнасьці, гэта значыць запісала сабе ў прыбытак. А нястачу “павесілі” на кладаўшчыцаў, у тым ліку на маю даверніцу - работніцу, якая ёсьць сябрам прафсаюзу РЭП».

Тлумачачы свае дзеяньні, наймальнік спасылаецца на заводзкую інструкцыю. «Атрымліваецца, што інструкцыя, выдадзеная на прадпрыемстве, вышэйшая за закон аб бухгальтарскім уліку і справаздачнасьці», - камэнтуе сытуацыю прафсаюзны юрыст.

Прадстаўнік наймальніка настойвае на тым, што кладаўшчыцы павінны кампэнсаваць нястачу, бо яны падпісалі дамову аб калектыўнай адказнасьці, то бок узялі на сябе матэрыяльную адказнасьць. У той самы час, як высьветлілася цягам паседжаньня, дырэктар, намесьнік дырэктара, начальнікі аддзелаў па продажах, па якасьці і іншыя кіруючыя работнікі матэрыяльнай адказнасьці не нясуць. Прадстаўнік адказчыка заявіў, што адказнымі асобамі на заводзе зьяўляюцца толькі кладаўшчыкі, кіроўцы і прадаўцы.

Дырэктар не зьяўляецца матэрыяльна адказнай асобай, бо назіральная рада не заключыла зь ім дамовы аб матэрыяльнай адказнасьці, растлумачыў прадстаўнік наймальніка ў судзе. «Выходзіць, што назіральная рада “Віцебскмясамалпраму” вышэйшая за заканадаўчыя, выканаўчыя і судовыя ўлады», - робіць выснову Валер Місьнікаў.

На наўпроставае пытаньне прафсаюзнага юрыста, ці ёсьць віна дырэктара ў выяўленай нястачы, прадстаўнік пазоўніка адказаў, што віна дырэктара не даказаная. Аднак, як пацьвердзіў той самы прадстаўнік пазоўніка, вiнаватая асоба не ўстаноўленая і сярод кладаўшчыцаў. Тым ня менш, гэтыя гаротыя жанчыны, якія атрымліваюць невялічкі заробак, мусяць са сваёй кішэні заплаціць суму нястачы; а дырэктар, які ня здолеў цягам доўгага часу арганізаваць працу прадпрыемства такім чынам, каб пазьбегнуць нестачаў, выходзіць сухім з вады.

Валер Місьнікаў папрасіў пазоўніка назваць канкрэтныя проціпраўныя службовыя дзеяньні кладаўшчыц, якія сталіся прычынай нястачы. Прадстаўнік пазоўніка заявіў, што ён не разумее пытаньня, дадаўшы, што кладаўшчыцы вінаватыя толькі таму, што падпісалі дамову пра матэрыяльную адказнасьць. «Падпісаная дамова - гэта ўсяго толькі абавязальніцтва, якое яны павінны выконваць у тым выпадку, калі іх віна даказаная», - рэзюмуе юрыст прафсаюзу РЭП.

Варта адзначыць, што ў апошнім выпадку на заводзе не далічыліся тары на 3,5 мільёны і прадуктаў на 400 тысяч рублёў. «З прадуктамі - зразумела, сыр маглі зьесьці, малако - выпіць. Але каму спатрэбіліся і куды падзеліся плясмасавыя скрыні і паддоны ў гэтакай колькасьці? - задаецца пытаньнем Валер Місьнікаў. - Але адміністрацыю адказ на гэтае пытаньне не цікавіць. Задача стаіць - “залезьці ў кішэню” да працаўніцаў і вырашыць праблему нястачы».

Займаючыся справай кладаўшчыцаў «Віцебскмясамалпраму», прафсаюзны юрыст прыйшоў да высновы, што дзеяньні працадаўцы можна расцаніць як адкрытую дыскрымінацыю працы жанчын. Пра гэта ён заявіў у ходзе судовага паседжаньня. «За апошні год на заводзе праведзена 6 інвэнтарызацыяў. Цягам кожнай зь іх былі выяўленыя як нястачы, гэтак і лішкі. Усе лішкі ідуць у даход прадпрыемства, а ўсё нястачы ўскладаюцца на работніцаў. Гэта ня што іншае, як наўмысная дыскрымінацыя працы жанчын», - падагульніў Валер Місьнікаў.

Крыніца: Прафсаюзны рух Беларусі

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.