web analytics
Леанід Гаравы атрымаў адказы на свае звароты наконт паручальніцтва за Алеся Бяляцкага » article » За правы чалавека

Леанід Гаравы атрымаў адказы на свае звароты наконт паручальніцтва за Алеся Бяляцкага

26 October 2011 | admin |

PhotobucketНа пачатку кастрычніка актывіст pуху “За свабоду” з Гарадка Леанід Гаравы зьвярнуўся да пракуратуры г. Менску і да аддзелу папярэдняга расьсьледаваньня Дзяржкантролю з паручальніцтвам аб вызваленьні з-пад варты Алеся Бяляцкага, кіраўніка праваабарончага цэнтру “Вясна”. Адказы Леаніду Гаравому прыйшлі даволі хутка, але ў іх дадзена толькі інфармацыя аб пераадрасацыі паручальніцтва.

Сьледчая Дзяржкантролю Тацьцяна Касынкіна, якая вяла справу Бяляцкага, і менская пракуратура паведамілі актывісту руху “За свабоду”, што хадайніцтва аб асабістым паручальніцтве за Алеся Бяляцкага накіравана старшыні Першамайскага раённага суду г. Менску. Зараз старшыня суду Тамара Высоцкая мусіць вырашаць пытаньне наконт хадайніцтваў за Алеся Бяляцкага, якія дасылаюць шматлікія неабыякавыя грамадзяне Беларусі.

На жаль, практыка паказвае, што нашы праваахоўныя ворганы амаль не ідуць насустрач інтарэсам падазраваных, якіх утрымліваюць пад вартай. Гэта датычыцца і гучнай справы Алеся Бяляцкага, якога вядомыя грамадзкія дзеячы Беларусі і іншых краін сьвету вылучаюць на Нобэлеўскую прэмію міру. На гэтым тыдні стала вядома, што справу Алеся Бяляцкага пачнуць разглядаць у судзе Першамайскага раёну Менску з лістапада.

Крыніца: Гарадок.інфо

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.