web analytics
У Віцебскай вобласьці за студзень-верасень выяўлена 300 карупцыйных злачынстваў » article » За правы чалавека

У Віцебскай вобласьці за студзень-верасень выяўлена 300 карупцыйных злачынстваў

25 October 2011 | admin |

PhotobucketПраваахоўныя ворганы Віцебскай вобласьці ў студзені-верасьні бягучага году выявілі 300 карупцыйных злачынстваў, што на 5% больш у параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году. Пра гэта паведаміў начальнік аддзелу па барацьбе з карупцыяй і арганізаванай злачыннасьцю пракуратуры Віцебскай вобласьці Яўген Лапкоўскі.

Да крымінальнай адказнасьці ў мінулым пэрыядзе прыцягнута 169 асобаў, якія ўчынілі злачынствы карупцыйнай накіраванасьці, што на 21 чалавека больш, чымся за студзень-верасень 2010 году. У разрэзе карупцыйных злачынстваў адзначаецца рост фактаў хабарніцтва, крадзяжоў шляхам злоўжываньня службовымі паўнамоцтвамі, а таксама легалізацыі матэрыяльных каштоўнасьцяў, набытых злачынным шляхам, адзначыў Яўген Лапкоўскі, дадаўшы, што найбольш схільныя да карупцыйных праяваў галіны прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, адукацыі і гандлю.

У прыватнасьці, пракуратурай вобласьці накіравана ў суд крымінальная справа ў дачыненьні да дырэктара, намесьніка дырэктара і галоўнага бухгальтара аднаго з прадпрыемстваў вобласьці, якія ў пэрыяд з 2006 па 2010 год з выкарыстаньнем сваіх службовых паўнамоцтваў, шляхам атрыманьня наяўных грашовых сродкаў пад выглядам набыцьця праграмнага забесьпячэньня выкралі больш як Br1,4 млрд.

“Абнадзейвае той факт, што часьцяком службовыя асобы, якім нядбайныя грамадзяне, у тым ліку і сумежных дзяржаваў, прапануюць хабар, не згаджаюцца з такім падыходам. Менавіта такая актыўная грамадзянская пазыцыя спрыяе падвышэньню аўтарытэту дзяржаўных ворганаў і прыцягненьню да крымінальнай адказнасьці канкрэтных хабарадавальнікаў”, - падкрэсьліў Яўген Лапкоўскі. Напрыклад, у адпаведнасьці з ч.1 арт. 431 Крымінальнага кодэксу Беларусі асуджаны нелегальны збытчык каляровага мэталу, які спрабаваў схаваць сваё правапарушэньне шляхам дачы супрацоўніку ўпраўленьня КДБ хабару.

За аналягічныя дзеяньні асуджаны грамадзянін Расеі, які упарта прапаноўваў начальніку аднаго з упраўленьняў заводу “Палімір” ААТ “Нафтан” грошы за спрыяльнае вырашэньне пытаньня, зьвязанага з рэалізацыяй яго прадпрыемству тэхналягічнага абсталяваньня заводу па заніжаным кошце без правядзеньня ва ўстаноўленым парадку конкурсу. У цяперашні час расьсьледуецца крымінальная справа ў дачыненьні аршанца, які за спыненьне праверкі па факце затрыманьня грузу з падробленымі дакумэнтамі перадаў хабар супрацоўніку дзяватага ўпраўленьня (па Віцебскай вобласьці) ГУБАЗіК МУС Беларусі.

Цягам папярэдняга расьсьледаваньня карупцыйных злачынстваў кампэнсаваная страта на суму больш як Br1 млрд., накладзены арышт на нерухомасьць, аўтатранспарт i iншая маёмасьць абвінавачаных агульным коштам Br1,2 млрд.

Крыніца: БЕЛТА

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.