web analytics
У Полацку працаўнікі патрабуюць даплату за дадатковую працу » article » За правы чалавека

У Полацку працаўнікі патрабуюць даплату за дадатковую працу

24 October 2011 | admin |

За правы чалавекаРабочыя другой зьмены цэху № 7 ААТ “Полацак-Шкловалакно” лічаць, што іхная зарплата ў сярэднім павінна складаць 4 350 000 рублёў. Двое зь іх ужо зьвярнуліся ў суд з патрабаваньнем падвысіць аплату працы. Камісія па індывідуальных працоўных спрэчках адмовіла рабочым у даплаце.

У кастрычніку на ААТ “Полацак-Шкловалакно” Свабодны прафсаюз і прадстаўнікі наймальніка правялі два паседжаньні камісіі па індывідуальных працоўных спрэчках. Адно паседжаньне па заяве апэратара цэху № 7, другое - па заяве памочніка майстра цэху № 7. Рабочыя выставілі да наймальніка патрабаваньні зрабіць даплату за пашырэньне зоны абслугоўваньня і павелічэньне аб’ёму выкананых работ.

Камісія не прыняла рашэньне па даплаце, паколькі прадстаўнікі наймальніка не пагадзіліся з патрабаваньнямі працаўнікоў. Таму пазоўныя заявы работнікаў да наймальніка накіраваныя ў Полацкі гарадзкі суд.

Падвышэньня заробку чакаюць і іншыя працоўныя ААТ “Полацак-Шкловалакно”. 18 кастрычніка свабодны прафсаюз правёў апытаньне апэратараў вытворчасьці бесьперапыннага шкловалакна зьмены 2 цэху № 7. Было апытана 20 апэратараў, якія працуюць на другой печы. На пытаньне “Колькі апэратар ВБШВ павінен зарабляць пры сёньняшніх цэнах?” адказы былі: ад 3 да 6 мільёнаў беларускіх рублёў. Сярэдняя велічыня зарплаты, якую апэратары лічаць справядлівай на сёньняшні дзень, склала 4.350.000 беларускіх рублёў.

Усяго задавалася чатыры пытаньні. На два зь іх - “Ці лічыце Вы неабходным запатрабаваць у наймальніка даплату за пашыраную зону абслугоўваньня?” і “Ці лічыце Вы неабходным запатрабаваць у наймальніка даплату за дастаўку абшэвак на працоўнае месца апэратара?” атрыманыя 100% сьцвярджальных адказаў.

Таксама ў аўторак, 18 кастрычніка, лідэры Свабоднага прафсаюзу Віктар Стукаў і Мікалай Шарах сустрэліся з выконваючым абавязкі генэральнага дырэктара ААТ “Полацак-Шкловалакно” Залескім Ігарам Генадзьевічам. Яны перадалі прадстаўніку наймальніка асабістыя заявы апэратара і памочніка майстра цэху № 7 з патрабаваньнямі па даплаце за пашырэньне зоны абслугоўваньня і павелічэньне аб’ёму выкананых работ.

“В.а. гендырэктара Ігар Залескі прызнаў, што такая праблема ў цэху № 7 існуе, - паведаміў старшыня Свабоднага прафсаюзу работнікаў ААТ “Полацак Шкловалакно” Віктар Стукаў. - Прыняўшы заявы, ён паабяцаў даць указаньні для разгляду гэтага пытаньня адміністрацыяй”. Пры гэтым Залескі сказаў: “Калі чалавек бярэ падвышаную зону і выконвае на ёй норму, то ён павінен за гэта атрымаць дадатковую аплату”.

На сустрэчы таксама было узьнятае пытаньне дастаўкі абшэвак на працоўнае месца апэратара. Апэратары вымушаныя насіць абшэўкі, парушаючы тэхніку бясьпекі. І аплата за дастаўку абшэвак апэратарам не прадугледжаная. “Апэратар - гэта кваліфікаваны працаўнік, які прыносіць прыбытак прадпрыемству, - заявіў в.а. генэральнага дырэктара ў адказ на агучаную праблему. - Мы на руках павінны насіць тых людзей, якія прыносяць прыбытак, усе абслуговыя службы павінны працаваць на іх. Нельга высокакваліфікаваных працаўнікоў выкарыстоўваць як грузчыкаў”.

Лідэры свабоднага прафсаюзу прапанавалі павялічваць тарыфную стаўку работнікам на 30% за пашырэньне зоны абслугоўваньня і павелічэньне аб’ёму выкананых работ. Цягам месяца наймальнік мусіць даць пісьмовы адказ на заяву працаўнікоў.

У адпаведнасьці з артыкулам 67 Працоўнага Кодэксу Рэспублікі Беларусь, работнікам, якія выконваюць у аднаго і таго ж наймальніка нараўне са сваёй асноўнай працай, абумоўленай працоўнай дамовай, дадатковую працу часова адсутнага работніка без вызваленьня ад сваёй асноўнай работы цягам устаноўленай заканадаўствам працягласьці працоўнага дня (рабочай зьмены), робiцца даплата за пашырэньне зоны абслугоўваньня (павелічэньне аб’ёму выкананых работ).

Памеры даплат за сумяшчэньне прафэсіяў (пасадаў), пашырэньне зоны абслугоўваньня (павелічэньне аб’ёму выкананых работ) або выкананьне абавязкаў часова адсутнага работніка ўстанаўліваюцца наймальнікам па ўзгадненьні з работнікам. Артыкул 67 носіць абавязковы да выкананьня характар ??для наймальніка.

Крыніца: Беларускія рэгіянальныя навіны

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.