web analytics
Ці пакараюць супрацоўнікаў глыбоцкай пракуратуры за кпіны зь дзяржсымбалю? » article » За правы чалавека

Ці пакараюць супрацоўнікаў глыбоцкай пракуратуры за кпіны зь дзяржсымбалю?

24 October 2011 | admin |

За правы чалавекаІнфармацыйны інтэрнэт-рэсурс “Весткі.інфо” апублікаваў фотаздымкі дзяржаўнага чырвона-зялёнага сьцягу, што вісіць дагары нагамі над будынкам пракуратуры Глыбоцкага раёну. “Можа, пракуратура і з законамі абыходзіцца гэтак жа, як і зь дзяржсымболікай?” - з сарказмам пытаецца журналіст “Вестак”.

Падобны да колішняга БССРаўскага сьцяг, за свае колеры празваны ў народзе “захад сонца на балоце”, ужываецца ў якасьці дзяржаўнага сымбалю пасьля ўказу А. Лукашэнкі ад 12 чэрвеня 1995 году. Ён замяніў сабой гістарычны нацыянальны бел-чырвона-белы сьцяг. Ці знарок нехта пазьдзекаваўся зь яго, павесіўшы неналежным чынам і тым самым выказаўшы сваё стаўленьне да ўлады, - невядома. Аднак пракуратура - ворган, які ад імя дзяржавы павінен ажыцьцяўляць нагляд за выкананьнем заканадаўства - цяпер мусіць распачаць справу супраць сваіх уласных супрацоўнікоў: як тых, хто непасрэдна умацоўваў сьцяг над будынкам, так і тых з пракурорскага начальства, хто дапусьціў гэткае непачцівае абыходжаньне зь дзяржасымбалем.

Нават калі здарэньне са сьцягам адбылося ненаўмысна, вінаватых мусяць прыцягнуць да адміністрацыйнай адказнасьці ў адпаведнасьці з артыкулам 23.85 КаАП - “Незаконныя дзеяньні ў адносінах да дзяржаўных сымбаляў Рэспублікі Беларусь”. Навогул жа, зьняслаўленьне дзяржаўнага сьцягу - гэта злачынства, прадугледжанае артыкулам 370 Крымінальнага кодэксу.

За зьдзяйсьненьне такога злачынства караюць грамадзкімі работамі, штрафам або папраўчымі работамі на тэрмін да двух гадоў, арыштам на тэрмін да трох месяцаў, або абмежаваньнем волі на тэрмін да аднаго году. Ці запатрабуе пракурор Глыбоцкага раёну праз суд такой кары для сваіх супрацоўнікоў або для сябе самога?

“За правы чалавека”

За правы чалавека

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.