web analytics
Хрысьціянскія дэмакраты абмеркавалі сваю дзейнасьць на сходзе ў Глыбокім » article » За правы чалавека

Хрысьціянскія дэмакраты абмеркавалі сваю дзейнасьць на сходзе ў Глыбокім

23 October 2011 | admin |

За правы чалавекаСябры аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” 22 кастрычніка правялі сход у Глыбокім. Яны паставілі подпісы ў сьпісе заснавальнікаў, які будзе пададзены ў Міністэрства юстыцыі пасьля ўстаноўчага зьезду, заплянаванага на 17 сьнежня.

На сход прыехала Тацьцяна Севярынец, абласная каардынатарка БХД, маці зьняволенага лідэра партыі Паўла Севярынца. Тацьцяна Яўгенаўна заклікала глыбоцкіх актывістаў больш працаваць з насельніцтвам, каб атрымаць давер людзей. На яе думку, падчас крызісу сябры БХД павінны заняцца дабрачыннай дзейнасьцю. Тацьцяна Яўгенаўна прапанавала стварыць нефармальны фонд узаемадапамогі, каб дапамагаць адно аднаму. “Мы не павінны працаваць толькі для сябе, мы павінны працаваць для людзей”, - заявіла Тацьцяна Севярынец.

Акрамя таго, Тацьцяна Севярынец заклікала ўзнавіць дзейнасьць Рады народных дэпутатаў – арганізацыі, што складаецца з былых кандыдатаў мясцовых выбараў. Сябра Рады Зьміцер Лупач распавёў пра тое, як ён дамагаўся ад уладаў усталёўкі ліхтароў у вёсцы Завараты і падсыпкі вуліц у Глыбокім. Праўда, глыбоцкія сябры БХД ня выказалі вялікага аптымізму наконт пашырэньня грамадзкай дзейнасьці. Мясцовая ўлада будзе ставіць палкі ў колы, лічаць яны.

Тацьцяна Севярынец станоўча выказалася пра дзейнасьць суполкі БХД у Мёрах. Узімку мёрскія хрысьціянскія дэмакраты сабралі грошы на падтрымку зьняволеных лідэраў апазіцыі. У кастрычніку яны падтрымлівалі журналіста Кастуся Шыталя падчас арышту і суду ў Мёрах.

Сход скончыўся сяброўскай размовай за гарбатай. Пасьля гэтага двое актывістаў разам з Тацьцянай Севярынец наведалі падмуркі былой Беразьвецкай царквы, дзе разам памаліліся за лідэра “Маладога Фронту” Зьмітра Дашкевіча, зьняволенага ў турме ў Беразьвеччы. Да глыбоцкай суполкі БХД належаць больш за два дзясяткі чалавек, сярод іх – журналісты Зьміцер Лупач, Яўген Самсонаў, Кастусь Шыталь, паэтка Марыя Баравік.

Крыніца: Весткі.інфо

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.