web analytics
Пяршоўка СПБ Лукомальскай ДРЭС запатрабавала павышэньня зарплаты » article » За правы чалавека

Пяршоўка СПБ Лукомальскай ДРЭС запатрабавала павышэньня зарплаты

30 September 2011 | admin |

За правы чалавекаПершасная арганізацыя Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) работнікаў Лукомальскай ДРЭС запатрабавала да канца верасьня падвысіць заробак на 20 адсоткаў. Асноўны аргумэнт актывістаў СПБ - з прадпрыемства сыходзяць кваліфікаваныя кадры, і замяніць іх няма каму. На прадпрыемстве 23 верасьня адбылася канфэрэнцыя працоўнага калектыву. Старшыня пяршоўкі СПБ Аляксей Габрыэль (на здымку) у сваёй прамове высунуў адміністрацыі шэраг абгрунтаваных патрабаваньняў, сярод якіх - падвышэньне да канца верасьня заработнай платы на 20%.

Як распавёў Аляксей Габрыэль, заява Генэральнага дырэктара РУП «Віцебскэнэрга» Паўла Харытонава пра тое, што ў энэргетыкаў Віцебскага рэгіёну высокі заробак, выклікала сьмех у зале. Пры гэтым дырэктар у сваёй прамове адзначыў, што энэргетыкі нядрэнна спрацавалі за 8 месяцаў бягучага году, нават з прыбыткам. А выкананьне задачаў па будаўніцтве і ўводзе ў эксплюатацыю новага блёку ПГУ дасьць дадатковыя рэсурсы.

«Адразу пасьля выбараў, у студзені 2011 году, энэргетыкі Лукомальскай ДРЭС у плацёжках ўбачылі зьніжэньне заробкаў. А калі адбыўся абвал рубля, самыя запатрабаваныя сьпецыялісты падалі заяву аб зьвальненьні. Ужо звольніліся 29 чалавек. Усе яны зьехалі ў Расею, дзе заробкі ў разы большыя. Адміністрацыя ДРЭС спрабуе стрымаць гэты небясьпечны для вытворчасьці адток кваліфікаванай рабочай сілы, не згаджаючыся скасаваць кантракт. Але людзі не выходзяць на працу, іх звальняюць паводле артыкулу, і яны ўсё адно пакідаюць роднае прадпрыемства, - растлумачыў прафсаюзны лідэр. - Ніякі кантракт не дапамагае. Самае страшнае, калі бягуць людзі. І замяніць іх няма кім. Гэта ня чорнарабочы, які сёньня прыйшоў, заўтра звольніўся, і на яго месца без праблем можна знайсьці наступнага».

Пяршоўка Свабоднага прафсаюзу Беларускага Лукомальскай ДРЭС заклікала калектыў быць згуртаваным, не пакідаць прадпрыемства, а ўступаць у шэрагі прафсаюзаў і разам змагацца за годную зарплату. «Цяпер мне бесперашкодна даюць слова на сходах і нават загадзя запісваюць у чаргу на выступы, - зьдзіўляецца прафсаюзны лідэр, бо зусім нядаўна адміністрацыя ўсяляк спрабавала перашкаджаць дзейнасьці Свабоднага прафсаюзу на прадпрыемстве. - Цяпер на нас усе глядзяць з надзеяй. Толькі незалежныя прафсаюзы могуць патрабаваць павелічэньня заработнай платы. Адміністрацыя таксама не перашкаджае. Яна зараз у такім становішчы, што калі з Новалукомлю зьедуць сьпецыялісты, гэта можа пагражаць вытворчасьці праблемамі».

На думку Аляксея Габрыэля, трэба дамагацца дастойных умоў працы на сваім родным прадпрыемстве. «Калі людзі сталі звальняцца, адміністрацыя падвысіла зарплату на 21%. Я на канфэрэнцыі сказаў, што на трактарным зарплата павялічылася на 40%, у канцэрне “Белнафтахім” - на 40%, і запатрабаваў у дырэктара сабраць усю сваю мужнасьць і падняць зарплату нашым работнікам. Інакш, калі разваліцца прадпрыемства, папытаньне будзе ў першую чаргу з кіраўніцтва. Бо замену кваліфікаванаму рабочаму трэба 5 гадоў рыхтаваць. Дырэктар з разуменьнем ківаў галавой».

СПБ прапанаваў да канца верасьня падняць заробак на 20%. А з 1 кастрычніка ўрад плянуе падвысіць тарыфную стаўку першага разраду. Такім чынам, паводле словаў прафсаюзнага лідэра, зарплаты Лукомальскіх энэргетыкаў будуць адпавядаць узроўню заробкаў у цэлым па краіне. Актывісты СПБ таксама прапанавалі падвысіць памер прадугледжаных калектыўнай дамовай выплатаў на харчаваньне. «Цяпер гэтыя выплаты складаюць 40-50 тысяч, - кажа Аляксей Габрыэль. - За такія грошы цяпер можна толькі бутэльку таннага віна купіць, так званага “чарніла”, ды колца ліверкі. Мы прапанавалі кіраўніцтву праіндэксаваць гэтыя выплаты хоця б на 100-150%».

Калі генэральны дырэктар паабяцаў працаўнікам аказаць матэрыяльную дапамогу на набыцьцё сельгаспрадукцыі ў памеры 500 тысяч, лідэр СПБ прапанаваў уключыць у гэты сьпіс і пэнсіянэраў. Дырэктар пагадзіўся. «Калі патрабаваньні законныя і абгрунтаваныя, яны з разуменьнем сустракаюцца і адміністрацыяй», - робіць выснову прафсаюзны лідэр.

Калі патрабаваньні аб падвышэнні зарплаты ня будуць выкананыя, Аляксей Габрыэль мае намер зьвярнуцца да міністра энэргетыкі. «Наша пяршоўка заклікае мацаваць працоўнае адзінства, прафсаюзную салідарнасьць, і разам рашуча адстойваць свае правы. Мы лічым, што сьвет выратуе не прыгажосьць, а годная праца без ідэалёгіі і дырэктываў зьверху», - падсумаваў Аляксей Габрыэль.

Крыніца: Прафсаюзны рух Беларусі

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.