web analytics
Юры Лінга: Дзе ўбачаць, там і хапаюць … Але я ведаў, на што іду » article » За правы чалавека

Юры Лінга: Дзе ўбачаць, там і хапаюць … Але я ведаў, на што іду

29 September 2011 | admin |

За правы чалавекаСупрацоўнікі міліцыі Смаргонскага РАУС працягваюць узмоцьнены ціск на сьведку катаваньняў у Глыбоцкай калёніі. 29 верасьня Юрыя Лінгу зноў выклікалі ў суд для разгляду адміністрацыйнай справы па факце ягонага ўдзелу ў прэс-канфэрэнцыі 1 жніўня, арганізаванай установай «Пляцформа», на якой былі агучаныя факты катаваньняў у Глыбоцкай калёніі.

«Дзе ўбачаць, там і хапаюць, - распавёў Юры Лінга ў тэлефоннай размове дырэктару “Пляцформы” Андрэю Бандарэнку. - Мне неаднаразова намякалі, што застацца на волі мне не дадуць, але я ведаў, на што іду, і не шкадую пра ўчыненае. Калі ня я, дык хто?»

«Пракуратура спрабуе рабіць добрую міну пры дрэннай гульні, - камэнтуе тое, што адбываецца, Андрэй Бандарэнка. - Факты зьбіцьця ў Глыбоцкай турме нібыта не знаходзяць свайго пацьвярджэньня. Сьведку катаваньняў, Юрыя Лінгу, даводзяць да стану, калі чалавеку няма дзе і няма за што жыць. Атрымліваецца, што міліцыя прымушае чалавека змагацца за сваё выжываньне.

Па-першае, гэта яшчэ раз пацьвярджае, што нашы праваахоўныя структуры ня толькі не зацікаўленыя ў рэабілітацыі чалавека, але самі, каб дагадзіць уласным амбіцыям, штурхаюць яго на дно. Па-другое, гэта ўскосна пацьвярджае, што агучаныя на прэс-канфэрэнцыі факты катаваньняў мелі пад сабой глебу, інакш лёгіку перасьледаў зразумець складана. Ну і, па-трэцяе, я б рэкамэндаваў усім тым, хто затыкае раты асуджаным, падумаць, што хутка яны пазбавяцца ціску з боку міліцыі і самі пацьвердзяць тое, пра што іх прасілі або прымушалі маўчаць.

Нам. начальніка Смаргонскага РАУС наўпрост сказаў Ю. Лінгу: “Калі б Бандарэнка не ўзьнімаў некаторыя пытаньні, дык і ў цябе б праблем не было”. Вось і атрымліваецца, што жывуць у краіне “нехта”, якім, на іхную ўласную думку, дазволена ўсё, і ёсць тыя, каму нават не дазваляецца казаць, інакш будзе горш. Атрымліваецца, рэжым дайшоў да ручкі, адкуль няма звароту да нармальных стасункаў з грамадзтвам.

Мы па-ранейшаму чакаем рэакцыі Генэральнай пракуратуры на афіцыйны запыт з нагоды фактаў катаваньняў і зьбіваньняў, але, як нам стала вядома з крыніц, блізкіх да Генэральнай пракуратуры, «”права будзе спушчаная на тармазах”. Тым ня менш, зьбіваць ў калёніі перасталі, і адміністрацыя баіцца нават згадкі “Пляцформы”. Вельмі хочацца спадзявацца, што Зьміцер Дашкевіч прыбыў ужо ў новую ва ўсіх адносінах калёнію, дзе пасьля мужнага ўчынку Юрыя Лінгі нацыянальнаму герою нічога не пагражае».

Крыніца: ucpb.org

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.