web analytics
Вялікая Брытанія вельмі занепакоеная абыходжаньнем з Саньнікавым і Дашкевічам » article » За правы чалавека

Вялікая Брытанія вельмі занепакоеная абыходжаньнем з Саньнікавым і Дашкевічам

28 September 2011 | admin |

За правы чалавекаВялікая Брытанія вельмі заклапочаная абыходжаньнем з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым і лідэрам міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт” (Чэхія) Зьмітром Дашкевічам, якія знаходзяцца ў зьняволеньні. Аб гэтым гаворыцца ў заяве, якую зрабіў 28 верасьня брытанскі міністар па справах Эўропы Дэвід Лідынгтан (на здымку).

“Я вельмі занепакоены паведамленьнямі аб жорсткім абыходжаньні ў зьняволеньні з экс-кандыдатам у прэзыдэнты Андрэем Саньнікавым і лідэрам “Маладога фронту” Зьмітром Дашкевічам. Паводле некаторых зьвестак, іх жыцьці знаходзяцца пад пагрозай”, — адзначыў Лідынгтан.

“Мы заклікаем беларускія ўлады як мага хутчэй прадаставіць нам пераканаўчую інфармацыю аб тым, што Саньнікаў і Дашкевіч атрымліваюць належную мэдычную дапамогу і зь імі абыходзяцца ў адпаведнасьці з Міжнародным пактам аб грамадзянскіх і палітычных правох і Зводам прынцыпаў абароны ўсіх асобаў, якія затрымліваюцца або зьнявольваюцца ў якой бы там ні было форме, прынятым рэзалюцыяй Генэральнай асамблеі ААН у 1988 годзе, а таксама запэўніць нас у тым, што іх жыцьцю не пагражае небясьпека”, — падкрэсьліў Лідынгтан. Вялікая Брытанія зноў заклікала беларускія ўлады вызваліць усіх палітзьняволеных і спыніць іх крымінальны перасьлед.

Нагадаем, 28 верасьня жонка Саньнікава журналістка Ірына Халіп і праваабаронца Алена Танкачова правялі ў Менску прэс-канфэрэнцыю, на якой расказалі аб прычынах апаскі за жыцьцё Саньнікава і Дашкевіча. Алена Танкачова зьвярнулася да прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў з просьбай на працягу сёньняшняга дня прыняць захады, каб трапіць да Дашкевіча і даведацца наконт стану яго здароўя і ўмоў знаходжаньня.

Крыніца: БелаПАН
Фота: Wikimedia.org

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.