web analytics
У Воршы затрымалі журналістаў » article » За правы чалавека

У Воршы затрымалі журналістаў

28 September 2011 | admin |

За правы чалавекаЗатрыманьне адбылося раніцай 28 верасьня на цэнтральным рынку гораду, у той час, калі журналісты здымалі сюжэт пра эканамічны стан грамадзтва. Сярод затрыманых апынуліся журналістка «Новага часу» Лола Бурыева і журналіст «Нашай Нівы» Сяргей Сацюк. Пра гэта паведаміў журналіст і праваабаронца Мікалай Петрушэнка.

У дзяжурнай частцы Аршанскага РАУС прэс-службе Беларускай асацыяцыі журналістаў паведамілі, што журналісты знаходзяцца ў пакоі міліцыі на рынку. «У іх правераць дакумэнты, апытаюць і адпусьцяць, — запэўніў супрацоўнік міліцыі. — Не хвалюйцеся, з журналістамі ўсё будзе добра». Паводле словаў дзяжурнага міліцыянта, журналістаў затрымалі за здымкі на рынку.

Між тым, ахоўнікі парадку, якія непасрэдна затрымлівалі журналістаў, не задаволіліся іх рэдакцыйнымі пасьведчаньнямі і запатрабавалі ў журналістаў рэдакцыйныя заданьні. Таксама з затрыманых узялі тлумачэньні наконт мэты візыту на рынак у Воршу. Празь дзьве гадзіны пасьля затрыманьня журналістаў адпусьцілі і нават дазволілі скончыць працу.

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.