web analytics
Дашкевіч сядзіць у адзіночцы: адвакат наведала яго ў Глыбоцкай калёніі » article » За правы чалавека

Дашкевіч сядзіць у адзіночцы: адвакат наведала яго ў Глыбоцкай калёніі

28 September 2011 | admin |

За правы чалавекаАдвакатка Марына Кавалеўская наведала зьняволенага кіраўніка “Маладога фронту” Зьмітра Дашкевіча ў Глыбоцкай калёніі. Яна паведаміла Ўладзімеру Палажанку, бацьку Насты Палажанкі, нявесты Зьмітра, што Дашкевіч сядзіць у адзіночнай камэры. Дашкевіч заявіў адвакатцы, што ня мае прэтэнзіяў да адміністрацыі калёніі. Кавалеўская таксама паведаміла, што Дашкевіч пачуваецца нармальна, але стан яго здароўя вельмі слабы. Зьміцер пацьвердзіў словы былога кандыдата на прэзыдэнта, палітзьняволенага Андрэя Саньнікава пра пагрозы жыцьцю і яго, і самога Саньнікава.

Паводле праваабаронцы Алены Танкачовай, адвакатка мяркуе, што ў сувязі зь пераводам Зьмітра ў Глыбоцкую калёнію ціск на яго будзе мінімізаваны: «Сытуацыя такая: выйшла адвакат ад яго і сказала, што ён вельмі слабы фізычна і, натуральна, у такім некалькі падаўленым псыхалягічным стане. Але ў яе ёсьць адчуваньне, што ў сувязі зь пераводам, ціск на яго будзе, магчыма, мінімізаваны. Прынамсі, яна на гэта спадзяецца. Яна сказала, што ў параўнаньні з сытуацыяй учорашняй і пазаўчорашняй, сёньня лепш. Адзіночная камэра навогул гарантуе ахову ад таго, чаго мы больш за ўсё асьцерагаліся. Дадатковай нэгатыўнай інфармацыі няма. Гэта самая вялікая ў гэтай сытуацыі радасьць».

Таксама Алена Танкачова дадала, што аб пагрозе бясьпецы і, магчыма, жыцьцю Дашкевіча стала вядома зь некалькіх крыніцаў, аднак казаць пра іх яна ня стала. Праваабаронца зьвярнулася да прадстаўнікоў дыпляматычных місіяў з просьбай на працягу сёньняшняга дня распачаць дзеяньні, каб патрапіць да Дашкевіча і даведацца адносна яго стану здароўя і ўмоваў знаходжаньня.

28 верасьня Ірына Халіп пераказала журналістам словы свайго мужа Андрэя Саньнікава. Халіп заявіла, што ў магілёўскім і віцебскім ізалятарах да Саньнікава падыходзілі вязьні і папярэджвалі, што ёсьць пагроза здароўю і жыцьцю яго самога і Зьмітра Дашкевіча. Саньнікаў і Дашкевіч сустракаліся 20 верасьня ў віцебскім перасыльным пункце і ўтрымліваліся ў адной камэры. Паводле інфармацыі, якую атрымала Халіп, Зьміцер Дашкевіч знаходзіцца ў дрэнным стане: ён моцна схуднеў, але галадоўку, абвешчаную 13 верасьня, cпыніў. Андрэй Саньнікаў пакінуў яму свае прадукты харчаваньня.

Зьмітра Дашкевіча 27-га верасьня этапавалі ў Глыбоцкую калёнію (Віцебская вобласьць), якая лічыцца адным з самых суворых месцаў зьняволеньня ў Беларусі. 26 верасьня бацька Насты Палажанкі Ўладзімер атрымаў ад Дашкевіча ліст, у якім той прасіў пра тэрміновую сустрэчу з адвакатам. Дашкевіч адправіў ліст з транзытнай камэры ў Магілёўскім СІЗА. Сама Наста Палажанка, нявеста і намесьніца Дашкевіча ў кіраўніцтве арганізацыі “Малады фронт”, адбывае цяпер 11 сутак арышту. 19 верасьня яе і былога палітвязьня Ўладзімера Яроменка затрымалі, калі яны меліся вывесіць у Менску нацыянальныя сьцягі.

Зьмітра Дашкевіча асудзілі на 2 гады зьняволеньня нібыта за хуліганства. Суд прызнаў, што 18 сьнежня Зьміцер Дашкевіч і актывіст “Маладога фронту” Эдуард Лобаў зьбілі ў Менску мінакоў. Дашкевіч і Лобаў сваёй віны не прызналі і заявілі, што гэта была правакацыя сьпецслужбаў напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў.

Зьмітру Дашкевічу можна напісаць, каб падтрымаць яго, на наступны адрас: Выпраўленчая калёнія № 13, 211791, Віцебская вобласьць, г. Глыбокае, вул. Савецкая, 205, Дашкевічу Дзьмітрыю Вячаслававічу. Можна таксама патэлефанаваць з гарадзкога тэлефона на нумар 166 і прадыктаваць тэкст тэлеграмы.

Крыніца: БХД

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.