web analytics
Праваабаронцы «крайне занепакоеныя» хадой суду над Кавалёвым і Канавалавым » article » За правы чалавека

Праваабаронцы «крайне занепакоеныя» хадой суду над Кавалёвым і Канавалавым

26 September 2011 | admin |

За правы чалавекаЯк гаворыцца ў заяве, якую падпісалі шэраг праваабарончых арганізацыяў Беларусі, Летувы і Расеі, праваабаронцы «крайне занепакоеныя» хадой суду над абвінавачанымі ў датычнасьці да тэрактаў у Беларусі Ўладзіславам Кавалёвым і Дзьмітрыем Канавалавым. У заяве адзначаецца, што максымальнае пакараньне, прадугледжанае самым цяжкім з прад’яўленых ім артыкулам «Тэрарызм», - сьмяротнае пакараньне.

Праваабарончыя арганізацыі зьвяртаюць увагу на тое, што ў пацярпелых ад тэракту ў менскім мэтро 11 красавіка застаецца нямала пытаньняў з нагоды бесстароннасьці і празрыстасьці судовага працэсу і даступнасьці матэрыялаў справы. Аляксандар Круты, прадстаўнік адной з пацярпелых Інэсы Крутой, заявіў хадайніцтва аб адмене сьмяротнага пакараньня і папрасіў суд адкласьці разгляд справы. Некалькімі днямі пазьней ён быў арыштаваны і адпраўлены ў цэнтар псыхічнага здароўя.

Праваабарончыя арганізацыі зважылі на заяву абвінавачаных пра тое, што цягам следзтва ў адносінах да іх ўжываліся катаваньні ў мэтах атрыманьня прызнаньня ў зьдзяйсьненьні злачынства. Падчас судовага працэсу незалежным журналістам забаранілі мець зносіны з пацярпелымі. Афіцыйныя мэдыі, не чакаючы рашэньня суду, называюць Кавалёва і Канавалава тэрарыстамі. Маці аднаго з абвінавачаных - Любоў Кавалёва, якая ня верыць у віну сына, прапануе стварыць ініцыятыўную групу па вынясеньні пытаньня аб забароне на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі на рэфэрэндум.

Праваабарончыя арганізацыі заклікалі аказаць падтрымку ініцыятывам па адмене сьмяротнага пакараньня ў Беларусі, заклікаць беларускія ўлады ўвесьці маратор на сьмяротнае пакараньне і ўзяць сытуацыю вакол расьсьледаваньня тэрактаў у Беларусі пад кантроль «у мэтах недапушчэньня забойства дзяржавай уласных грамадзян, незалежна ад таго, прызнаныя яны вінаватымі ў цяжкіх злачынствах, ці прызнаюць сваю віну і ці насамрэч зьяўляюцца вінаватымі».

Зварот падпісалі наступныя арганізацыі: Belarus Watch (Летува); Армянская Хельсінская асацыяцыя; Беларускі Дом правоў чалавека ў Вільні (Летува); Беларускі Хельсінскі камітэт; Дабрачынны фонд за экалягічную і сацыяльную справядлівасьць (Расея); Камітэт міжнароднага кантролю за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі; Міжнародны моладзевы праваабарончы рух; Маскоўская Хельсінская група (Расея); Цэнтар прававой трансфармацыі (Беларусь); незарэгістраваны Праваабарончы цэнтар “Вясна” (Беларусь); Фонд Стэфана Баторыя (Польшча); Хельсінскі фонд за правы чалавека (Польшча).

Як паведамілі БелаПАН у арганізацыі Belarus Watch, зварот будзе накіраваны перш за ўсё ў міжнародныя структуры: ААН, АБСЭ, Раду Эўропы, з тым каб празь ціск на беларускія ўлады гэтыя структуры дамагліся ўвядзеньня маратора на сьмяротнае пакараньне ў Беларусі.

Крыніца: Naviny.by

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.