web analytics
Міліцыянты паведамілі Сяргею Каваленку, што яны і надалей будуць зьдзекавацца зь ягонай сям’і » article » За правы чалавека

Міліцыянты паведамілі Сяргею Каваленку, што яны і надалей будуць зьдзекавацца зь ягонай сям’і

26 September 2011 | admin |

За правы чалавекаВіцебскі сябра Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Сяргей Каваленка атрымаў адмоўны адказ на сваю заяву ў Першамайскі РАУС. У заяве Каваленка прасіў зьмяніць форму міліцэйскага нагляду над ім, бо цяперашняя форма нагляду спрычынілася да цэлага шэрагу цяжкасьцяў для ягонай сям’і.

Частыя наведваньні міліцыянтаў у дом, дзе жыве палітык разам са сваімі крэўнымі, змушаюць нэрваваць усю сям’ю. Ад вечарова-начных візытаў супрацоўнікаў міліцыі асабліва пакутуюць малалетнія дзеці Сяргея - малодшай ягонай дачцэ ўсяго толькі тры месяцы. Апроч таго, з-за дзейнага рэжыму нагляду Каваленка ня можа ў належнай ступені падтрымліваць сваю сям’ю матэрыяльна. Зьяўляючыся будаўніком, ён ня можа брацца за звыклыя для яго заказы, зьвязаныя з працай вечарам ці ўначы (як было б зручна кліентам) або за межамі гораду, - у патрэбны для працы час ён мусіць быць дома, ды пакідаць Віцебск без асаблівага дазволу яму забаронена.

Сяргей Каваленка апынуўся пад несупынным міліцэйскім наглядам пасьля падзеяў, што мелі месца ў студзені 2010 г., калі ён своеасаблівым чынам павіншаваў жыхароў Віцебску з Калядамі, вывесіўшы на галоўнай ёлцы гораду вялікі бел-чырвона-белы сьцяг. Учынак Каваленкі суд палічыў хуліганствам і даў апазыцыянэру тры гады абмежаваньня волі ўмоўна. Пазьней Каваленка яшчэ некалькі разоў прыцягваўся да адміністрацыйнай адказнасьці - за ўдзел у іншых акцыях зь бел-чырвона-белымі сьцягамі.

Міліцыянты адказалі на заяву апазыцыянэра аб зьмене формы нагляду над ім цалкам фармальна. У сваім адказе яны напісалі Каваленку, што парушэньняў з боку супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў у зьдзяйсьненьні нагляду ня выяўлена. Яны, маўляў, прытрымліваюцца прадугледжанага законам парадку наведваньняў яго на даму з мэтай праверкі наяўнасьці і стану яго знаходжаньня па месцы фактычнага пражываньня.

Што да іншай просьбы Каваленкі - каб яму дазволілі выяжджаць за межы гораду з мэтай займацца сваёй прафэсійнай дзейнасьцю - міліцыянты і тут далі адмову. Замест таго, каб зрабіць так, каб у актывіста зьявілася магчымасьць забясьпечваць сваю сям’ю матэрыяльна ўласнай працай, яны далі яму цынічную параду: калі ёсьць праблемы з працаўладкаваньнем, ён можа зьвярнуцца ў гарадзкі цэнтар занятасьці.

Зьдзекам ня толькі з актывіста, але і з чалцоў ягонай сям’і лічыць адказ, дадзены міліцыянтамі Каваленку, праваабаронца Валер Місьнікаў: “Гэткае стаўленьне прадстаўнікоў улады да асуджанага паводле палітычных матываў выклікае сумнеў у гуманнасьці гэтай улады. Бо дваіх малых дзетак і жонку ў дэкрэце трэба ж нейк забясьпечваць прынамсі на ўзроўню пражытачнага мінімуму. Аднак усталяваны дзяржавай рэжым нагляду гэтага не дазваляе”.

Больш таго, на думку праваабаронцы, Сяргей Каваленка не зрабіў нічога, за што б варта было гэтак караць яго і ягоную сям’ю: “Дый хіба гэта злачынства - тое што ўчыніў Каваленка? Ну, вывесіў ён наш нацыянальны сьцяг. І што? Гэты ж сьцяг - наша гістарычная спадчына. Ён нагадвае беларусам пра слаўную мінуўшчыну нашага краю. Не да твару ўладзе забываць, што ня памятаючы мінуўшчыны, не будуюць будучыню”.

“За правы чалавека”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.