web analytics
З днём народзінаў, Алесь! » article » За правы чалавека

З днём народзінаў, Алесь!

25 September 2011 | admin |

За правы чалавека25 верасьня сябры, калегі і аднадумцы Алеся Бяляцкага выйшлі на сталічны праспэкт ля Галоўпаштамту, каб распавесьці людзям пра тое, што ў свой дзень народзінаў вядомы на ўвесь сьвет беларускі праваабаронца знаходзіцца за кратамі на Валадарцы. Сярод удзельнікаў акцыі ў Менску былі таксама актывісты зь некалькіх гарадоў Віцебскай вобласьці.

“Шаноўны Алесь, з Днём народзінаў! Камэра СІЗА не найлепшае месца для ягонага адзначэньня, таму жадаем найхутчэйшага вызваленьня і магчымасьці працягнуць дапамагаць людзям, што Вы рабілі цягам апошніх 15-ці гадоў свайго жыцьця!”

“Мужнасьці, бадзёрасьці, трываласьці і непахіснасьці Вам на ўсе часы! Няхай Бог мацуе ня толькі веру, а і дадае моцы, надзейных партнэраў і прыхільнікаў, якія б разам прывялі да той Беларусі, пра якую ўсе мы марым!” - паштоўкі з гэткім зьместам усе ахвотныя ўкідвалі ў паштовыя скрыні, каб разам зь віншаваньнем даслаць Алесю ў няволю свае галасы падтрымкі. Да будынку Галоўпаштампту падыходзілі і грамадзяне, якія ўважліва сочаць за лёсам Бяляцкага, і тыя, хто з абвестак даведаліся пра гэтую віншавальную акцыю, і проста неабыякавыя мінакі, якім пра зьняволенага праваабаронцу распавялі яго сябры і калегі.

Пасьля са сталічнага праспэкту праваабаронцы пайшлі на вуліцу Валадарскага, да будынку СІЗА, каб запусьціць над вязьніцай, дзе Алесь Бяляцкі вымушаны сустракаць свой дзень народзінаў, дзясяткі белых і чырвоных балёнікаў, якія надавалі ўрачыстасьці дню. Своеасаблівыя сымбалі свабоды ўзьляталі ў неба пад радаснае “З Днём народзінаў, Алесь Бяляцкі!” і жыцьцесьцьвярджальнае “Жыве Беларусь!”. І было вельмі прыемна, што на гэтыя словы адгукаліся сэрцы мінакоў.

Віншавальная акцыя ў Менску адбылася без проціборства з боку супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў. Аднак пасьля таго, як акцыя ўжо скончылася і яе ўдзельнікі пачалі разыходзіцца, быў затрыманы менскі праваабаронца Ўладзімер Лабковіч. Да яго падыйшлі палкоўнік міліцыі, чалавек у цывільным і жанчына ў форме з рацыяй, нібыта для высьвятленьня асобы. Уладзімера Лабковіча адвезьлі ў РАУС Маскоўскага раёну сталіцы, адкуль, апытаўшы, адпусьцілі праз тры гадзіны. Супрацоўнікаў міліцыі цікавіла, што рабілі праваабаронцы каля сьледчага ізалятара на Валадарцы.

Мерапрыемствы, прымеркаваныя да дня народзінаў Алеся Бяляцкага, працягнуліся ўвечары 25 верасьня, калі пад вокнамі сьледчага ізалятара невядомыя зладзілі салют ў гонар зьняволенага праваабаронцы.

Паводле Sping96.org

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.