web analytics
Андрэй Саньнікаў у калёніі сустрэўся зь Мікітам Ліхавідам » article » За правы чалавека

Андрэй Саньнікаў у калёніі сустрэўся зь Мікітам Ліхавідам

31 July 2011 | admin |

За правы чалавекаЖонка Андрэя Саньнікава Ірына Халіп атрымала два лісты ад мужа з Наваполацкай калёніі, куды яго днямі этапавалі з Валадаркі. Прычым, лісты ішлі ўсяго па два дні, што сталася сюрпрызам для Ірыны. Яшчэ больш узрадаваў іх зьмест, бо ўмовы ў каранціне ў Андрэя даволі добрыя:

“Людзей там няшмат, такім чынам, у майго мужа ўперышню за 8 месяцаў ніжняе спальнае месца. Мала таго – ім выдалі льняныя прасьціны, на якіх вельмі камфортна спаць. Нарэшце, атрымаў магчымасьць радавацца небу, дрэўцам, траўцы. Людзі яго сустрэлі добра, а камары – ня вельмі добра… З мінусаў ён пакуль адзначае толькі экалёгію, піша, што часам у паветры стаіць такі моцны ўгарны дым, быццам бы побач паляць гумавыя пакрышкі”.

У Наваполацкай калёніі Андрэй Саньнікаў сустрэўся зь Мікітам Ліхавідам. Ім удалося нават пагутарыць, кажа Ірына Халіп:

“Мікіта Ліхавід выглядае значна лепш, чым Андрэй чакаў убачыць пасьля ўсіх ягоных карцэраў. Мікіта вельмі крануў Андрэя сваім першым пытаньнем: “Як там Данік?” І яшчэ Андрэй адразу, як прыехаў, атрымаў 5 лістоў падтрымкі ад незнаёмых людзей і ліст ад Паўла Севярынца – вось такія прыемныя сюрпрызы. У мяне першы раз за гэты час сапраўды добры настрой!”

У суботу, 30 ліпеня, пасьля 19-й гадзіны павінна выйсці на волю маці Мікіты Ліхавіда спадарыня Алена. Яе затрымалі 20 ліпеня каля кінатэатру “Перамога” пасьля маўклівай акцыі пратэсту і асудзілі на 10 сутак арышту.

Крыніца: Радыё Свабода

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.