web analytics
Чаму Генпракуратура пакрывае “пярэваратняў у пагонах”? » article » За правы чалавека

Чаму Генпракуратура пакрывае “пярэваратняў у пагонах”?

29 July 2011 | admin |

За правы чалавекаБацькі, сваякі і сябры хлапчукоў, затрыманых у 2009 годзе па падазрэньні ў жорсткім забойстве і праз 17 месяцаў знаходжаньня за кратамі апраўданых судом, працягваюць дамагацца справядлівасьці. Дакладней - справядлівай адплаты.

Пра гэтую гісторыю, якая ўзварушыла ўвесь Віцебск, пісалася неаднаразова. Траіх падлеткаў абвінавацілі ў зьверскай расправе (пацярпелы памёр ад 63-х нажавых раненьняў і шматлікіх удараў) 31-гадовага беспрацоўнага. Паўтара гады спатрэбілася для таго, каб суд устанавіў праўду і вызваліў абвінавачаных проста з залі суду. Пры гэтым было даказана, што так званыя “праваахоўнікі” пры папушчальніцтве пракуратуры сфабрыкавалі доказную базу.

У цяперашні час Генпракуратура праводзіць расьсьледаваньне па факце незаконных мэтадаў вядзеньня папярэдняга сьледзтва супрацоўнікамі крымінальнага вышуку АУС Першамайскага раёну Віцебску (крымінальная справа была ўзбуджаная яшчэ 13 траўня).

Да гэтага, у красавіку 2011 года, Генпракуратура прыцягнула да дысцыплінарнай адказнасьці шэраг пракурорскіх работнікаў - “за недастатковы кантроль і нагляд за ходам расьсьледаваньня”. Так, “начальнік сьледчага аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласьці Шчацько Ю. А. папярэджаны аб няпоўнай службовай адпаведнасьці, а сьледчы па найважнейшых справах сьледчага аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласьці Таўтын А. П. паніжаны ў клясным чыне на тэрмін шэсьць месяцаў”.

Мяккасць пакараньня не магла ня выклікаць справядлівага абурэньня бацькоў. Пайшлі звароты ў Генпракуратуру і Адміністрацыю прэзыдэнта. Пасьля чарговага адказу-адпіскі быў складзены калектыўны ліст на імя намесьніка генпракурора Андрэя Шведа. Падпісанты (а іх каля паўсотні) чакалі канкрэтных адказаў на пастаўленыя пытаньні. А акрамя таго, і ацэнкі дзеяньняў тых, хто быў датычны «да гэтай гнюснай справы» з боку Генэральнай, Віцебскай абласной і Першамайскай раённай пракуратур. Шведу задалі роўна восем пытаньняў:

1. На падставе чаго з грубейшымі парушэньнямі ўсіх законаў КК і КПК былі затрыманыя нашы дзеці і ўтрымліваліся пад вартай больш за год? Бо галоўны сьведка А. Сулімава пачала даваць паказаньні супраць дзяцей толькі пасьля таго, як была «завэрбаваная» апэратыўнікамі Першамайскага РАУС пасьля чарговага крадзяжу, зьдзейсьненага ёю. На працягу ўсяго сьледзтва яна дзясяткі разоў зьмяняла свае паказаньні, і ніхто не ўсумніўся ў яе ілжывых сьведчаньнях.

2. Як растлумачыць пастаянную падтасоўку часавых чыньнікаў сьмерці грамадзяніна Сідарава? Як мы лічым, уступіўшы ў злачынную змову з судмэдэкспэртамі, сьледчыя Ю. Шчацько і А. Таўтын дамагліся таго, што віцебскія экспэрты расьцягнулі час забойства на 4 гадзіны і паказалі зручны для сьледзтва інтэрвал з 16.00 да 20.00. Пасьля паўторнай экспэртызы, праведзенай дзяржслужбай судмэдэкспэртызы, час забойства быў названы ад 13.25 да 15.25.

3. На падставе чаго дзеці былі зьмешчаныя на стацыянарнае абсьледаваньне ў «псыхушку» Навінкі? Аляксандар Логінаў правёў там 29 дзён без асабістай справы і карткі ПНД зь Віцебску, што, паводле слоў намесьніка галоўнага лекара ГСМЭ Кузьмічова, зьяўляецца злачынствам.

4. Чаму на працягу ўсяго сьледзтва не было дадзена ніводнага спатканьня бацькам зь непаўналетнімі дзецьмі? У Эўропе гэта палічылі б злачынствам сьледчых Шчацько і Таўтына супраць чалавечнасьці.

5. На падставе чаго ў камэры да непаўналетніх падсаджвалі дарослых асуджаных - адпетых зэкаў, рэцыдывістаў, забойцаў, якія потым на судзе, па замове сьледчых Шчацько і Таўтына, агаворвалі дзяцей?

6. Як можна растлумачыць дзеяньні сьледчых Ю. Шчацько і А. Таўтына, якія дамагаліся ад сьведак дачы сьвядома ілжывых паказаньняў, каб даказаць віну невінаватых дзяцей? Так, на судзе сьведка Сіліцкі адзначыў, што яму далі перачытаць паказаньні на маніторы і прымусілі падпісаць на паперы, ня даўшы перачытаць паказаньні паўторна. Аб такім жа злачынстве гаварылася і ў паказаньнях у судзе іншых сьведак.

7. Якім чынам з крымінальнай справы ў раздрукоўцы хатніх тэлефонных размоваў А. Логінава былі канфіскаваныя два тэлефонных злучэньні? Званкі ў 16:08 і 16:35, якія зьніклі з раздрукоўкі, павінны былі забясьпечыць алібі абвінавачанаму.

8. Чаму сьледчы Шчацько, перавёўшы хлапчукоў у СІЗА Менску, за першых тры месяцы толькі па разу дапытаў нашых дзяцей? Потым два месяцы яны навогул не дапытваліся, а толькі апрацоўваліся ў камэрах зэкамі і забойцамі, а ў Віцебску Шчацько і Таўтын працягвалі фабрыкаваць справу. Пры гэтым на больш як 100 скаргаў з нагоды найгрубейшых парушэньняў, бацькі працягвалі атрымліваць адпіскі «вялікіх» работнікаў Генэральнай пракуратуры: «Усё законна, усё аб’ектыўна і ў рамках КК і КПК»…

У дадатак да пытаньняў прагучала просьба зьвярнуць увагу на пастанову ад 9 верасьня 2009 года за подпісам А. Таўтына: “Віна Логінава Г. Х. і Напаюка А. О. ў зьдзяйсьненьні злачынства, якое ім інкрымінуецца, пацьвярджаецца паказаньнямі сьведак, пратаколамі агляду месца здарэньня, вочных ставак і праверак паказаньняў на месцы, заключэньнямі экспэртыз, вынікамі апэратыўных мерапрыемстваў і іншымі матэрыяламі справы”. І далей: “…знаходзячыся на волі, яны могуць перашкаджаць усталяваньню ісьціны па справе, а таксама схавацца ад сьледзтва і суду”.

Калектыўны ліст заканчваецца патрабаваньнем, “каб сьледчыя пракуратуры Ю. Шчацько і А. Таўтын панесьлі поўную адказнасьць за ўчыненае імі цяжкае дзеяньне супраць непаўналетніх дзяцей, а таксама адказалі перад грамадзтвам за не раскрытае па гарачых слядох злачынства і трату дзяржаўных сродкаў у памеры больш за 1 млрд. рублёў”.

Адказ намесьніка Генпракурора Шведа ад 7 ліпеня на калектыўны зварот грамадзян быў абсалютна безадказным - на ніводнае пытаньне віцябляне не атрымалі канкрэтнага адказу. Швед адкараскаўся адпіскай, праінфармаваўшы грамадзян аб усім вядомых фактах: пракуроры прыцягнутыя да дысцыплінарнай адказнасьці, вядзецца следзтва па крымінальнай справе супраць супрацоўнікаў Першамайскага РАУС і г. д.

Падпісанты звароту ўспрынялі адпіску Шведа як непавагу да людзей і грамадзян РБ і ня маюць намеру сядзець склаўшы рукі ў чаканьні, калі ж у нашай краіне пераможа справядлівасьць… Цяпер пацярпелыя ад свавольства пракурора і міліцыянтаў рыхтуюць чарговыя скаргі ў вышэйстаячыя інстанцыі.

Крыніца: “Беларускі партызан”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.