web analytics
Некалькі зьняволеных Глыбоцкай калёніі № 13 учынілі спробу суіцыду » article » За правы чалавека

Некалькі зьняволеных Глыбоцкай калёніі № 13 учынілі спробу суіцыду

28 July 2011 | admin |

11072804.jpgПаводле неафіцыйнай інфармацыі, некалькі зьняволеных Глыбоцкай папраўчай калёніі № 13 (Віцебская вобласьць) спрабавалі пакончыць з сабой. Пра гэта паведаміў Андрэй Бандарэнка, дырэктар інфармацыйна-асьветніцкай установы “Пляцформа”, якая займаецца пытаньнямі выкананьня заканадаўства ў папраўчых установах.

Інфармацыя паступіла ад чалавека, які нядаўна вызваліўся з Глыбоцкай калёніі. Ён расказаў, што ў чэрвені асуджаныя ПК-13 аб’явілі галадоўку, пратэстуючы такім чынам супраць парушэньня законнасьці з боку адміністрацыі калёніі, у тым ліку — жорсткага ўжываньня фізычнай сілы ў дачыненьні да зьняволеных. Удзельнікі галадоўкі патрабавалі сустрэчы з генэральным пракурорам Беларусі.

“У адказ адміністрацыяй калёніі ў пэрыяд з 16 па 22 чэрвеня былі масава зьбітыя асуджаныя. Большасьць зь іх, якія былі падвергнутыя такім мерам, не маглі перасоўвацца самастойна, аднак мэдычная дапамога ім не аказвалася. Некаторыя былі змушаныя зьвярнуцца да экстрэмальных мер самаабароны — спробаў суіцыду. Так, асуджаныя Канцява і Чыкін, не знаходзячы іншых сродкаў абароны сваіх правоў і годнасьці, ускрылі сабе вены і жывот”, — расказаў Андрэй Бандарэнка.

На падставе атрыманых фактаў 27 ліпеня ўстанова “Пляцформа” накіравала ў дэпартамэнт выкананьня пакараньняў МУС, Генэральную пракуратуру і Ўправу ўласнай бясьпекі МУС зварот з патрабаваньнем расьсьледаваць інцыдэнты ў папраўчай калёніі № 13 гораду Глыбокае.

Падрабязнасьці будуць паведамленыя 1 жніўня на прэс-канфэрэнцыі ў Менску. У ёй плянуюць удзельнічаць сьведкі катаваньняў, імёны якіх не называюцца зь меркаваньняў іхнай бясьпекі. Атрымаць камэнтар у дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС пакуль не атрымалася.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН.

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.