Тацьцяна Севярынец хадайнічае за Зьмітра Дашкевіча перад начальнікам Горацкай калёніі
26 July 2011 | admin |Тацьцяна Севярынец, лідэрка “Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі” па Віцебскай вобласьці, маці палітыка-палітвязьня Паўла Севярынца, просіць кіраўніка горацкай калёніі палегчыць жыцьцё Зьмітра Дашкевіча:
Паважаны спадар Кавалёў А.М,
(Прабачце, ня ведаю дакладна Вашае імя)
Але ведаю, што ў падначальнай Вам папраўчай установе знаходзіцца Дашкевіч Зьміцер Вячаслававіч. Гэта цудоўны малады чалавек, адукаваны і мужны, які мае гонар і пачуцьцё асабістай годнасьці.
Менавіта за гэта ён у вас і знаходзіцца, а не за тое, што ён нібыта ўчыніў. Гэта няпраўда ўсё, няпраўда, і справа цалкам сфальсыфікаваная - таму шмат доказаў, а доказаў ягонай віны няма.
Яшчэ раз кажу вам: Дашкевіч – гэта сьвятло і надзея, будучыня нашай Беларусі. Ён мае сьмеласьць думаць інакш і выказваць свае думкі. На жаль, такія людзі небясьпечныя для нашай сёньняшняй улады. Такіх людзей улада чамусьці баіцца, хаця на яе баку і войска, і міліцыя, і карныя ворганы.
Пішу вам як маці, спадзяюся на вашае сумленьне і міласэрнасьць. Магчыма, Вы самі бацька. Каб у вас былі такія сыны, як Дзімка, Вы б ім толькі ганарыліся. Чалавек, які змог у “Маладым Фронце” моладзь адлучыць ад паленьня, алькаголю, разбэшчанасьці, які сапраўдны вернік і жыве паводле хрысьціянскіх прынцыпаў, які баіцца толькі Бога — не злачынца!
Калі Вы сапраўдны беларус, чалавек і паважаеце сябе, зрабіце, калі ласка, усё магчымае, каб у Вашай установе ня зьдзекваліся з Дашкевіча, каб умовы ўтрымання для яго былі ня горшыя, як для іншых. Сядзіць ён ні за што! І Вы мусіце гэта разумець.
Зламаць яго нікому ня ўдасца. Фізычна можна яго скалечыць, зьнішчыць, але дух наймацьнешы.
Вельмі Вас прашу зрабіць для Зьмітра Дашкевіча ўсё, што ў Вашых сілах, няхай Бог будзе міласьцівы і да Вас, і да Вашых родных. Я буду маліцца за гэта.
У Вас суворая і цяжкая пасада, але і на ёй можна заставацца годным чалавекам. Вельмі спадзяюся, што Вы зможаце палегчыць лёс Зьмітра.
Тацьцяна Севярынец, маці палітзьняволенага Паўла Севярынца.
Крыніца: “Малады Фронт”
Прабачце, камэнтары не дазволеныя.