web analytics
Кіраўніцтва ААТ «Віцебскмясамалпрам» спрабуе «павесіць» на работніц 90 мільёнаў рублёў нястачы » article » За правы чалавека

Кіраўніцтва ААТ «Віцебскмясамалпрам» спрабуе «павесіць» на работніц 90 мільёнаў рублёў нястачы

23 July 2011 | admin |

11072302.jpgСябры незалежнага прафсаюзу РЭП, кладаўшчыцы складу гатовай прадукцыі № 2 ААТ «Віцебскмясамалпрам», намагаючыся абараніць свае правы, дайшлі да памочніка прэзыдэнта. Адміністрацыя прымушае іх кампэнсаваць выяўленую падчас праверкі нястачу ў памеры 90 мільёнаў рублёў. Віна работніцаў не даказаная. Тым ня менш, суд, міліцыя, пракуратура, аблвыканкам і нават КДБ, куды зьвярталіся кладаўшчыцы, не дапамаглі ім дамагчыся справядлівасьці. Справу ўзяў пад асабісты кантроль памочнік прэзыдэнта - інспэктар па Віцебскай вобласьці Мікалай Дамашкевіч.

Пра сытуацыю, у якой апынуліся кладаўшчыцы «Віцебскмясамалпраму», распавёў прававы інспэктар прафсаюзу РЭП па Віцебскай вобласьці Валер Місьнікаў. Чацьвёра з 13 кладаўшчыц знаходзяцца ў прафсаюзе РЭП, і Валер дапамагае ім абараніць іхныя правы.

Жанчыны ўладкаваліся працаваць на склад летась у жніўні. На момант іхнага паступленьня на працу інвэнтарызацыя на складзе не праводзілася. Пазьней, ужо ў працэсе працы, яны даведаліся ад калегаў, што незадоўга да іх прыходу на складзе была выяўленая буйная нястача. Работніцы занепакоіліся. Тым больш што і да арганізацыі работы складу было нямала пытаньняў - адсутнасьць сыгналізацыі, на выходныя склад не здаваўся пад ахову, пры адборцы тавару частка найменьняў зусім адсутнічала, хоць гэты тавар праходзіў па кампутарнай базе.

На просьбу кладаўшчыцаў загадчыца складу зьвярнулася да адміністрацыі з пытаньнем пра ліквідавацыю хібаў. Аднак праблема ня вырашалася, і работніцы пачалі самі ў вуснай і пісьмовай форме прасіць адміністрацыю навесьці парадак уліку прыёму і расходу тавару са складу № 2. Кіраўніцтва адгаворвалася адно абяцанкамі.

«Усё часьцей і часьцей работніцы сталі заўважаць, што на складзе няма тавару, які прыходзіць па рахунку-фактуры, альбо, наадварот, тавар ёсьць, а яго не выпісваюць, - распавядае прафсаюзны юрыст Валер Місьнікаў. - Бухгальтэрыя адказвае, што ў іх у кампутары гэткага тавару няма, а насамрэч ён ёсьць».

Замест таго каб навесьці парадак, дырэктар прызначае на 30 кастрычніка інвэнтарызацыю, у выніку якой была выяўленая нястача амаль на 90 мільёнаў рублёў. Пакрыць гэтыя грошы абавязалі кладаўшчыцаў. Прычым, адна з жанчын, адпрацаваўшы на складзе ўсяго 8 дзён і зарабіўшы за той час 400 тысяч рублёў, павінна была заплаціць амаль два з паловай мільёна. Астатнія - больш, у залежнасьці ад тэрміну працы.

«Абураныя жанчыны плаціць адмовіліся і запатрабавалі знайсьці вінаватых. З гэтай нагоды яны накіравалі дырэктару калектыўны зварот. Па-першае, да гатовай прадукцыі мелі дачыненьне ня толькі яны, але і кіроўцы, якія атрымлівалі тавар на складзе і развозілі яго па гандлёвых кропках. Па-другое, яны неаднаразова зьвярталіся да кіраўніцтва з просьбай ліквідаваць хібы работы складу, але зь нейкіх прычынаў дырэктар прыняць меры не захацеў. А сума нястачы гэткая, што гаворка навогул можа весьціся пра крымінальные злачынства - крадзеж у асабліва буйным памеры. Здавалася б, у гэтай сытуацыі кіраўніцтва прадпрыемства павінна быць ня менш за работніцаў зацікаўлена ў тым, каб знайсьці і пакараць вінаватых. Але ў дырэктара Сяброўскага, відаць, іншая думка на гэты конт», - мяркуе прафсаюзны юрыст.

Супрацьстаяньне з адміністрацыяй доўжыцца без малога ўжо 9 месяцаў. Некалькі кладаўшчыцаў звольніліся самі, а дваіх, самых актыўных, звольніў дырэктар. Варта адзначыць, што яшчэ да інцыдэнту, бачачы, што адміністрацыя не прымае ніякіх мераў па навядзеньні парадку на іхным працоўным месцы, кладаўшчыцы напісалі калектыўную заяву аб звальненьні з прычыны невыкананьня працадаўцам умоваў кантракту.

Спадар Сяброўскі звольніў працаўніцаў, але зь іншай прычыны. Спачатку падпісаў загад аб звальненьні па пагадненьні бакоў. Калі працаўніцы адмовіліся ад такой фармулёўкі, адну звольніў па недаверы, а другую - за сыстэматычнае невыкананьне абавязкаў, у прыватнасьці, за тое, што тавар ня быў давезены да крамы. Хаця кладаўшчыцы адпускаюць тавар са складу кіроўцу-экспэдытару, і несьці адказнасьць за далейшы лёс тавару ніяк ня могуць.

Работніцы зьвярталіся ў суд з просьбай прызнаць звальненьні незаконнымі, ва УБЭЗ Чыгуначнага раёну Віцебску, настойваючы на ??ўзбуджэньні крымінальнай справы па факце нястачы ў асабліва буйных памерах, у пракуратуру, у аблвыканкам і нават ва УКДБ па Віцебскай вобласьці. І ўсюды ім адмаўлялі. Пры гэтым ніводная зь пералічаных устаноў не ўсумнілася ў невінаватасьці работніцаў. Вэрдыкт па гэтым пытаньні выносілі адназначны - віна кладаўшчыцаў не ўстаноўленая, а далей, маўляў, ня наша кампэтэнцыя. Работніцы ўсё-такі дамагліся таго, што на прадпрыемстве была праведзеная рэвізія Кантрольна-рэвізійнага ўпраўленьня (КРУ) Віцебскага аблвыканкаму. Рэвізоры наяўнасьць нястачы пацьвердзілі, але факту крадзяжу і вінаватых вызначыць не змаглі.

А дырэктар тым часам накіраваў пазоў у суд з просьбай спагнаць з работніц амаль 90 мільёнаў рублёў. Справа, замест месяца, як мае быць, расьцягнулася на паўгода. І, нягледзячы на ??наяўнасьць шматлікіх парушэньняў у рабоце складу, на тое, што віна работніцаў не даказаная, судзьдзя Сьвятлана Варатынская задаволіла пазоў дырэктара.

У рэшце рэшт, работніцы запісаліся на прыём да памочніка прэзыдэнта - галоўнага інспэктара па Віцебскай вобласьці Мікалая Дамашкевіча. Сустрэча адбылася 19 ліпеня.

Паводле словаў прафсаюзнага юрыста, справа пагаршаецца яшчэ і тым, што кастрычніцкая нястача - далёка не адзінкавы выпадак у працы ААТ «Віцебскмясамалпрам». «Першая была ў жніўні, другая - у кастрычніку, потым яшчэ ў сьнежні і ў лютым, - распавядае Валер Місьнікаў. - Пры гэтым на тым жа самым складзе ўстаноўленыя лішкі. Так, на адным з судовых паседжаньняў прагучала, што паводле вынікаў лістапада 2010 году ўстаноўленая нястача ў памеры пяці мільёнаў трохсот тысяч рублёў, а лішкі склалі 26 000 000. Але дырэктар не захацеў пагасіць нястачу за кошт лішак. Вось у чым пытаньне».

Мікалай Дамашкевіч запрасіў на сустрэчу дырэктара ААТ «Віцебскмясамалпрам» спадара Сяброўскага, а таксама прадстаўнікоў усіх ворганаў, куды зьвярталіся кладаўшчыцы. «З нашага боку былі тры звольненыя кладаўшчыцаы. Яны распавялі аб сваёй праблеме. Трэба сказаць, што памочнік прэзыдэнта досыць жорстка спытаў з прысутных, - распавядае са слоў работніцаў прафсаюзны юрыст. - А напрыканцы паабяцаў працаўніцам трымаць іхную справу на асабістым кантролі. Памочнік прэзыдэнта, дарэчы, пацікавіўся ў Сяброўскага, ці даказаная віна работніцаў. Дырэктар адказаў: “не”. “Раз віна не даказаная, - сказаў Дамашкевіч, - значыць, адказнасьць павінен несьці дырэктар”». Як паведаміў Валер Місьнікаў, Мікалай Дамашкевіч ў прысутнасьці работніцаў даў распараджэньне правесьці старанную праверку і паабяцаў трымаць справу пад асабістым кантролем.

Юрыст прафсаюзу РЭП пракамэнтаваў, якім, на яго думку, бачыцца рашэньне па гэтай справе: «У адпаведнасьці з артыкулам 12 Закону Рэспублікі Беларусь “Аб бухгальтарскім уліку і справаздачнасьці” гэтая нястача пры адсутнасьці віны кладаўшчыцаў павінна быць сьпісана на прыбытак. Звольненыя не паводле ўласнага жаданьня работніцы павінны быць адноўленыя, бо гэтыя звальненьні незаконныя. Калі б яны не пісалі дакладных запісак, заяваў аб звальненьні з прычыны невыкананьня кантракту, тады можна было б сумнявацца. Але ў гэтым выпадку стаіць пытаньне аб гвалтоўным выгнаньні з прадпрыемства непажаданых працаўнікоў. Таму яны павінны быць альбо адноўленыя, альбо звольненыя паводле артыкулу, які прадугледжвае датэрміновае скасаванне кантракту з ініцыятывы работніка, і атрымаць кампэнсацыю за час вымушанага прагулу.

Крыніца: Praca-by.info

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.