Абразу Лукашэнкі знайшлі ў электронных лістах
20 July 2011 | admin |Актывіст руху «За Свабоду!» Юры Салодкі пабываў у Віцебскай абласной пракуратуры на допыце па факце абразы Аляксандра Лукашэнкі. Тое, ці будзе распачатая крымінальная справа, вызначыцца пасьля лінгвістычнай экспэртызы трох лістоў, адпраўленых з электроннага адрасу Салодкага ў дзяржворганы.
«На допыце я даваў тлумачэньні. Мне былі прадэманстраваныя раздрукоўкі трох лістоў, якія нібыта з майго электроннага адрасу былі накіраваныя ў дзяржворганы - міліцыю і іншыя, - з заклікам не выконваць загады незаконна абранага прэзыдэнта, - распавёў “Салідарнасці” Юры Салодкі. - Ні аб якіх камэнтарах на сайтах, пра што казалі раней, гаворка не ішла. Сьледчы паводзіў сябе карэктна».
Паводле словаў суразмоўцы, яму паведамілі, што гэтыя тэксты будуць перададзеныя экспэртам-лінгвістам. Калі яны ўгледзяць ў іх факт абразы Аляксандра Лукашэнкі, то будзе ўзбуджаная крымінальная справа. Юры Салодкі пакуль не затрыманы. Найбліжэйшым часам ён мае намер сустрэцца з адвакатам.
Крыніца: Хартыя’97
Прабачце, камэнтары не дазволеныя.