web analytics
У Віцебску працягваюцца штодзённыя малітвы за палітвязьняў » article » За правы чалавека

У Віцебску працягваюцца штодзённыя малітвы за палітвязьняў

28 June 2011 | admin |

11062801.jpgУ Віцебску ля крыжа Эўфрасіньні Полацкай на Ўсьпенскай горцы амаль два тыдні, пачынаючы з 16 чэрвеня, доўжыцца штодзённая малітоўная акцыя ў падтымку палітвязьняў, ініцыяваная віцебскімі актывістамі аргкамітэту БХД. У нядзелю 26 чэрвеня да малітвы далучыліся сябры БХД зь Менску.

Кожны дзень а 20-й гадзіне каля нядаўна адрэстаўраванага катэдральнага Ўсьпенскага сабору Віцебску зьбіраюцца неабыякавыя людзі, вернікі розных канфэсіяў, каб памаліцца за вызваленьне палітвязьняў і свабоду Беларусі. Удзельнікі штодзённай малітоўнай акцыі запальваюць сьвечкі ля Эўфрасіньнеўскага крыжа, трымаюць у руках партрэты палітзьняволеных.

За малітвай зазвычай сочаць міліцыянты і супрацоўнікі сьпецслужбаў, але ніякіх інцыдэнтаў пакуль не было.

У інтэрвію прэс-службе БХД абласная каардынатарка аргкамітэту Тацьцяна Севярынец распавяла:

“Штодзённая малітва мае свой чын. Кожны з прысутных прамаўляе малітву да Бога. Потым мы малітоўна згадваем кожнага палітзьняволенага па імя. Пры канцы, узяўшыся за рукі, чытаем агульнахрысьціянскую малітву “Ойча наш” і сьпяваем гімн “Магутны Божа”.

Часам людзей зьбіраецца няшмат, часам больш. Тым ня менш кожны дзень адбываецца супольная экумэнічная малітва за палітвязьняў і Беларусь. Падчас гэтай малітвы ў некаторых удзельнікаў нараджаюцца малітоўныя вершы.

Пасьля рэстаўрацыі Ўсьпенская горка - улюбёнае месца адпачынку віцяблянаў. Мінакі падыходзяць да нас, цікавяцца, а часам і далучаюцца. Я раздаю адрэсы палітвязьняў у турмах і калёніях для ліставаньня падтрымкі.

Мы ведаем, што там, дзе 2 ці 3 чалавекі зьбіраюцца разам дзеля малітвы, там і Гасподзь пасярод іх. Я хацела б, каб прыйшло разуменьне, што гэта патрэбна, бо малітва мае вялікую сілу, бяз Божай дапамогі мы нічога ня зробім. Каб узмацьніць нашую малітву, Я запрашаю далучацца да нас усіх неабыякавых людзей”.

Крыніца: Прэсавая служба БХД

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.