web analytics
У СІЗА Ўладзімеру Яроменку адмаўляюць у сустрэчы са сьвятаром » article » За правы чалавека

У СІЗА Ўладзімеру Яроменку адмаўляюць у сустрэчы са сьвятаром

28 June 2011 | admin |

11062804.jpgАдміністрацыя сьледчага ізалятара МУС № 1 у Менску адмаўляе асуджанаму па падзеях 19 сьнежня 2010 году Ўладзімеру Яроменку ў сустрэчы са сьвятаром. Як паведаміў БелаПАН прэс-сакратар міжнароднай моладзевай арганізацыі «Малады фронт» (Чэхія) Юліян Місюкевіч, зь лістоў Яроменка стала вядома, што ён ужо некалькі разоў пісаў заявы на сустрэчу са сьвятаром. «Адміністрацыя менскага СІЗА № 1 заявы ігнаруе, сустрэчу не арганізоўвае і нават не абгрунтоўвае, чаму зьняволенаму нельга сустрэцца са сьвятаром», - сказаў Місюкевіч.

«Калі сьвятара не пускалі ў СІЗА КДБ да Паўла Севярынца, адміністрацыя СІЗА хаця б аргумэнтавала гэта адсутнасьцю памяшканьняў для сустрэчы. Вядома, што ў СІЗА № 1 па вуліцы Валадарскага ў Менску такія памяшканьні ёсьць», - адзначыў Місюкевіч. Як ён заявіў, актывісты «Маладога фронту» лічаць факт адмовы ў сустрэчы вязьня са сьвятаром абуральным. «Такое стаўленьне адміністрацыі турмы да зьняволенага выклікае вялікае зьдзіўленьне, бо ў СІЗА № 1 існуе дамова зь Беларускім экзархатам на арганізацыю спатканьняў са зьняволенымі», - адзначыў Місюкевіч.

Уладзімер Яроменак за ўдзел у падзеях 19 сьнежня 2010 г ў Менску быў абвінавачаны паводле часткі 1 артыкулу 293 КК (арганізацыя масавых непарадкаў) і прысуджаны да трох гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцьненага рэжыму. Такі вэрдыкт абвясьціла 14 траўня ў судзе Партызанскага раёну Менску судзьдзя Натальля Чатвярткова. Малады чалавек падаў касацыйную скаргу на рашэньне суду Партызанскага раёну. У СІЗА № 1 ён чакае разгляду скаргі ў Менскім гарадзкім судзе.

Крыніца: Навіны.by

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.