web analytics
Глыбоцкі журналіст Кастусь Шыталь даў адказ чыноўніку » article » За правы чалавека

Глыбоцкі журналіст Кастусь Шыталь даў адказ чыноўніку

28 June 2011 | admin |

11062803.jpgЯк паведаміў у сваім блогу рэдактар інтэрнэт-рэсурсу “Весткі-інфо” Кастусь Шыталь, улады спрабуюць прыпыніць яго дзейнасьць. “Трэба злавіць Шыталя і правесьці зь ім тлумачальную гутарку, бо ён зусім абнаглеў”, - цытуе журналіст словы аднаго высокапастаўленага чыноўніка, прамоўленыя тым на нейкай нарадзе. Праз свой блог Кастусь Шыталь даў адказ чыноўніку: спасылаючыся на артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, ён кажа, што і надалей будзе выконваць сваю працу як журналіст, бо тым самым ён рэалізуе сваё права на распаўсюд інфармацыі, а таксама дапамагае сваім землякам рэалізоўваць іх права, гарантаванае Канстытуцыяй, на атрыманьне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi.

У сваім адказе чыноўніку глыбоцкі журналіст таксама згадаў “Дэклярацыю прынцыпаў прафэсыйнай этыкі журналіста”, выкананьне якой зьяўляецца абавязковым для ўсіх сябраў Беларускай Асацыяцыі Журналістаў і якая патрабуе ад яго “паважаць права грамадзтва ведаць праўду” і “не дагаджаць тым, хто пры ўладзе, памятаць, што кантроль за дзейнасьцю ўладаў зьяўляецца адной з найважнейшых функцый сродкаў масавай інфармацыі”.

“Такія мае правы і такія мае абавязкі. Калі нейкаму грамадзяніну, які займае чыноўніцкае крэсла, гэта не падабаецца - гэта яго праблемы. Як кажуць у народзе, ‘няма чаго скардзіцца на люстэрка’…”, - піша Кастусь Шыталь напрыканцы свайго адкрытага звароту да прадстаўніка ўлады.

“За правы чалавека”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.