Cяргея Серабро выклікаюць на допыт у Дэпартамэнт папярэдніх расьсьледаваньняў
28 June 2011 | admin |Рэдактару незалежнага сайта «Народныя Навіны Віцебска» і заснавальніку віцебскага «Вольнага форуму вольнага гораду» паведамілі па тэлефоне, што яго мусяць апытаць пра допіс былога прэтэндэнта на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Сяргея Рыжова, які заклікаў распачаць 3 ліпеня бестэрміновы агульнабеларускі страйк. У Дэпартамэнт папярэдніх расьсьледаваньняў Сяргей Серабро мусіць зьявіцца а 15-й гадзіне 28 чэрвеня. Наконт допісу Сяргея Рыжова ён ужо даваў тлумачэньні ў Віцебскай абласной пракуратуры 16 чэрвеня.
Заклік распачаць бестэрміновы агульнабеларускі страйк зьявіўся на віцебскім форуме 15 чэрвеня. Сяргей Серабро кажа, што былы прэтэндэнт на ўдзел у прэзыдэнцкіх выбарах Рыжоў — шараговы карыстальнік форуму, адмыслова створанага для таго, каб кожны ахвотны мог разьмясьціць на ім нейкую тэму для грамадзкага абмеркаваньня. Дарэчы, у пракуратуры пыталіся, ці можа Сяргей Серабро выдаліць паведамленьне пра страйк, але загаду ці парады зрабіць гэта выказана не было.
Крыніца: Беларуская Асацыяцыя Журналістаў
Прабачце, камэнтары не дазволеныя.