web analytics
Віцебскую студэнтку затрымалі за распаўсюд газэты “Наш дом” » article » За правы чалавека

Віцебскую студэнтку затрымалі за распаўсюд газэты “Наш дом”

23 June 2011 | admin |

11062304.jpgУ Любові Сенчанка забралі 131 асобнік газэты і склалі на дзяўчыну пратакол паводле ч. 2 арт. 22.9 Кодэксу аб адміністрацыйных правапарушэньнях. У складзеным на Л. Сенчанка пратаколе напісана, што яна «распаўсюджвала замежнае выданьне „Бібліятэка „Наш дом“-інфо“ без дазволу рэспубліканскага воргану дзяржаўнага кіраваньня ў сфэры сродкаў масавай інфармацыі».

На думку праваабаронцы Паўла Левінава, такая фармулёўка абвінавачаньня цалкам бязглуздая. «Па-першае, паміж урадамі Расейскай Фэдэрацыі і Рэспублікі Беларусь ёсьць пагадненьне пра бесьперашкодны распаўсюд СМІ ў межах саюзнай дзяржавы. Газэта грамадзянскай каманіі „Наш дом“ зарэгістраваная ў Расеі, зьяўляецца для Беларусі замежным выданьнем, але распаўсюджваць яе можна гэтаксама свабодна, як у шапіках „Белсаюздруку“ прадаюцца расейскія часопіс „Лиза“, газэта „Спид-инфо“ і гэтак далей, — адзначыў Павал Левінаў. — Па-другое, паводле арыкулу 22.9 КаАП, Любоў Сенчанка вінавацяць у парушэньні заканадаўства аб СМІ. Але да адказнасьці ў такім выпадку можна прыцягваць юрыдычную асобу — заснавальніка газэты і гэтак далей, але не распаўсюдніцу, якая проста раздавала выданьне мінакам на вуліцы».

У выпадку прызнаньня Любові Сенчанка вінаватай ёй пагражае штраф у памеры ад 20 да 50 базавых велічынь.

Крыніца: Беларуская асацыяцыя журналістаў

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.