web analytics
Ад Алены Ліхавід хаваюць інфармацыю пра сына » article » За правы чалавека

Ад Алены Ліхавід хаваюць інфармацыю пра сына

23 June 2011 | admin |

11062301.jpgДругі дзень маці палітвязьня Мікіты Ліхавіда ня можа дазнацца ў кіраўніцтва Наваполацкай калёніі, ці выйшаў ейны сын з карцэру. Маці Мікіты гаворыць, што пасьля шматлікіх тэлефанаваньняў ёй увогуле далі зразумець, што размаўляць зь ёю ня будуць. І параілі даслаць пісьмовы запыт і чакаць адказу ў “вызначаны законам тэрмін”.

Мікіту Ліхавіда мелі выпусьціць са штрафнога ізалятару 18 чэрвеня. “У панядзелак я цэлы дзень правяла на тэлефоне. Дзяжурны адмаўляўся адказваць на мае пытаньні – маўляў, вам можа адказаць выхаваўца ці начальнік калёніі. Выхаваўцы ўчора не было, а начальнік, як мне казалі, адышоў дзеля сваіх справаў”, – распавяла “Белсату” спадарыня Ліхавід.

Учора месцазнаходжаньне Мікіты Ліхавіда спрабавала высьветліць ягоная адвакатка Дар’я Ліпкіна. Аднак і ёй параілі зьвяртацца пісьмова. “Магчыма, яны так паводзяць сябе, бо ім не падабаецца той вялікі розгалас, які атрымала справа майго сына. Пра тое, што Мікіта ўжо шмат разоў быў пакараны карцэрам, пісалі ня толькі беларускія, але і замежныя мэдыі”, – гаворыць маці палітвязьня. Алена Ліхавід паведаміла, што калі і заўтра адвакатка ня зможа атрымаць адказу, яны паедуць у калёнію сустрэцца з начальнікам сьпецустановы.

Актывіст Руху “За Свабоду” Мікіта Ліхавід быў асуджаны за ўдзел у Плошчы на тры з паловаю гады пазбаўленьня волі. На пачатку траўня яго этапавалі да месца адбываньня пакараньня – у Наваполацкую калёнію. Фактычна ўвесь гэты час Ліхавіда трымаюць у штрафным ізалятары калёніі. Хлопца караюць за тое, што ён называе сябе незаконна асуджаным і адмаўляецца выконваць патрабаваньні турэмнай адміністрацыі. Беларускія і замежныя праваабарончыя арганізацыі патрабуюць спыніць катаваньні Мікіты Ліхавіда.

Як заяўляў у інтэрв’ю “Белсату” прадстаўнік праваабарончага цэнтру “Вясна” Валянцін Стэфановіч, яны расцэньваюць зьмяшчэньне Мікіты Ліхавіда ў карцэр як “спробу ўладаў аказваць дадатковы ціск на яго як на палітвязьня”. Праваабаронца падкрэсьліў, што ўмовы ўтрыманьня ў штрафным ізалятары разглядае як катаваньне.

Крыніца: Рух “За свабоду”

Прабачце, камэнтары не дазволеныя.